У сацыяльнай сетцы Instagram аднойчы натыкнулася на цікавы водгук на кнігу «Інферна» Дэна Браўна, майго любімага пісьменніка. Напісала яго, як высветлілася, мая даўняя знаёмая з Ляскавічаў Марыя Рыбчынская, у дзявоцтве Літаш.
Стала гартаць здымкі дзяўчыны. У сетцы Марыя пакідае фатаграфіі прачытаных кніг, а пад імі – свае займальныя ўражанні пра асобу аўтара, яго героя і расказаную гісторыю.
Марыя – маладая мама двух выдатных хлопчыкаў, ужо 4 гады жыве з мужам у Швецыі. Мяне падкупіла, што густы на літаратурныя творы ў нас падобныя. Як кнігаман марыць займець у сваю калекцыю толькі што выдадзеную кнігу, так і я – інтэрв’ю з цікавай асобай.
– Як вырашылася з’ехаць у незнаёмую краіну?
– Пасля 9 класа я вырашыла пакінуць школу, не бачыла сэнсу ў далейшым навучанні, – пачала Марыя. – Стала цесна і няўтульна. Хацела змяніць асяроддзе. Адправілася вучыцца ў Пінск. Там атрымлівала спецыяльнасць турагента-экскурсавода.
На трэцім курсе ўзніклі праблемы са здароўем. Шмат на сябе ўзваліла, ператамілася. З’ехала адпачываць дадому ў Ляскавічы.
Асабліва цікавай справы не было, забаўляў толькі інтэрнэт. Узгадала пацешную гісторыю адной знаёмай, якая знайшла каханне ў сетцы, вырашыла паспрабаваць лёс тым жа спосабам.
Зарэгістравалася на нейкім вельмі падазроным сайце. Стала чакаць. Пісалі шмат і не заўсёды добрае, але было цікава вывучаць мэту гэтай аўдыторыі. І раптам мне піша ён…
Першае пытанне было: “Ці маё гэта фота на аватарцы?” Так і пазнаёміліся. У зносінах даведалася, што мой суразмоўца родам з Гродна, але ўжо даўно жыве ў Швецыі.
Праз 2 тыдні мы сустрэліся ў Пінску. У першую сустрэчу дэталёва абмеркавалі мінулае і распланавалі будучыню. З тых часоў не расстаёмся – мэты трэба выконваць!
Рашэнне пра пераезд прыйшло з неабходнасцю жыць побач з мужам. У студзені 2014 года я ступіла на шведскую зямлю, якая сустрэла мяне снегападам.
Не было ні слова ў шведскім запасе, усе камунікацыі ішлі праз мужа. Адчувала сябе адзінока, хацелася назад у Беларусь.
З цягам часу краіна пачала паварочвацца да мяне ўсёй сваёй прыгажосцю, камфортам. З той умовай, што я не валодала мовай, перада мной адкрываліся магчымасці наведваць лекараў з перакладчыкам, атрымліваць інфармацыю на рускай мове, тут апынулася шмат такіх жа перасяленцаў, як і я (іх відаць здалёк).
– Чым здзіўляе Швецыя?
– Яна вельмі многае робіць для інтэграцыі. Як толькі гэта стала магчымым (а я паспела стаць мамай да таго часу), пайшла вывучаць мову.
Спачатку гэта было дыстанцыйнае навучанне з рускамоўным настаўнікам (бясплатнае, заўважу), потым пайшла ў мясцовую школу на курс “Шведская для замежнікаў”, дзе ўжо выкладанне вялося толькі на шведскай. Зараз усё яшчэ працягваю вывучэнне мовы.
Здзівіла, што шмат аднаполых шлюбаў. У садках паступова знішчаюць гендарную розніцу ў асяроддзі зносін дзяцей. Ужо даўно не прынята ў дзяржаўных дакументах пісаць «мама» і «тата», пішуць «бацька» (у сэнсе нараджальнік) ці «апякун». І з гэтым мне цяжка прымірыцца.
Але традыцыйныя сям’і цудоўныя. Тут нармальна мець шмат дзяцей. Няма ўсеагульнай зацыкленасці на дзецях, хоць іх тут любяць і паважаюць. Караецца законам любы від гвалту над дзіцём (маральны ці фізічны – сэнсу не мае).
Краіна мне паказала, якое значэнне ў свеце маюць замежныя мовы, таму я вывучаю шведскую, англійскую, хутка пачну ўспамінаць нямецкую.
Мне падабаецца Швецыя, я бачу сябе ў яе будучыні. Але мая мара – гэта зрабіць нешта ўнікальнае для сваёй краіны, для Беларусі. Яна ўва мне мае патрэбу больш. Вельмі не хапае асабістага часу, зносін з людзьмі на роднай мове.
– Сёння дзяўчаты імкнуцца ў першую чаргу зрабіць сабе кар’еру. Чаму ў грамадстве існуе думка, што дзеці перашкаджаюць кар’еры?
– Дзеці перашкаджаюць той кар’еры, якая ўжо ёсць. Я згодная, што “вылецець” са справы на 2 і больш гадоў для амбіцыйнай ледзі – гэта як смяротны прысуд. Таму добра стаць мамай у маладосці, яшчэ да таго, як пачастуеш слодыч уласнай асобы ў прафесійным асяроддзі.
Я стала мамай у 19 гадоў і ў мяне ўсё наперадзе. За гады з дзецьмі зразумела, чем хачу займацца, у мяне быў час рыхтаваць свае мазгі да выхаду ў вялікае плаванне.
Зараз працую над запускам сваёй справы, і наяўнасць дзяцей толькі злёгку мяне стрымлівае, але не спыняе. А адна з маіх знаёмых маладых шведак нядаўна стала мамай сёмага дзіцяці.
– На якой мове ты вучыш дзяцей размаўляць? Ёсць месца беларускай?
– Дома толькі на рускай. За межамі дома ўсё на шведскай. Беларускую амаль не выкарыстоўваю.
– Ты добра спявала ў школьныя часы. Як зараз?
– Пляцоўку для спеваў я шукала, але пакуль гэта толькі ў межах сям’і. Дзецям падабаюцца калыханкі больш, чым казкі і вершы.
– Як мудрасць кніг дапамагае ў жыцці?
– Кнігі дапамагаюць пераасэнсаўваць жыццё. Люблю сябе атаясамліваць з героямі і думаць, як бы я паступіла на іх месцы. Любімую не назаву, упэўнена: яе яшчэ не прачытала (ці сама не напісала?). Тое, што я прачытала, любіла ўсё.
Калі настрою няма і ўсе быццам мяне не любяць, я іду да кніг. Мяне там заўсёды разумеюць.