Мультфільм «Маленькі прынц» паказалі ў кінатэатры імя Калініна 9 верасня. Сеанс падрыхтаваў для гамяльчан шмат сюрпрызаў: флэшмоб, падарункі і зоркі, якія свецяцца ў цемры. А калі святло ў зале патухла, героі анімацыі загаварылі па-беларуску.

Зала кінатэатра была запоўнена. Сюрпрызам для гамяльчан стаў незвычайны флэшмоб. Дзясяткам людзей прапанавалі падняцца з крэслаў і скласці лагатып кампаніі velcom. Гамяльчане свяцілі мабільнымі тэлефонамі ці люмінафорнымі касмічнымі фігурамі і зоркамі. Апошнія кожны атрымаў яшчэ да пачатку сеансу, а пасля змог абмяняць фігуркі на прыемны бонус ад партнёраў праекта: бясплатны сертыфікат на комплекс інтэрнэт-паслуг са зніжкай.

Арганізатары не забыліся і пра аўтара кнігі — Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Да 117-годдзя са дня нараджэння пісьменніка «Маленькага прынца» перавыдалі на беларускай мове. Частку асообнікаў перадалі ў гарадскія школьныя бібліятэкі. Цяпер вучні змогуць чытаць класіку на роднай мове.

Серыя паказаў фільмаў на беларускай мове ахапіла 4 тысячы гледачоў. Праект «Беларускія ўік-энды» пры падтрымцы кампаній velcom і «Атлант Тэлекам» створаны больш за год таму. Яго мэта — добрае кіно, прафесійна агучанае на беларускай мове і якое паказваюць ў кінатэатрах.

Квіткі на чарговы фільм па-беларуску — «Форэст Гамп» — ужо ў продажы. У верасні кінакарціну можна паглядзець у сталіцы, у Гомелі такой магчымасці не будзе. Затое ў кастрычніку-лістападзе ва ўсіх кінатэатрах краіны на экранах ўспыхне сямейна-прыгодніцкі фільм «Шторм». Арганізатары адзначаюць, што прэм’ера «Шторму» — цікавы спосаб расказаць пра час рэфармацыі. Патлумачыць, чаму Францыску Скарыне было важна надрукаваць кнігу і чаму гэта падзея больш значная за выхад новай мадэлі смартфона. Да Раства плануецца выхад і іншага фільма — «Хронікі Нарніі», а таксама выданне другой часткі кнігі.
Арганізатары праекту «Беларускія ўік-энды» імкнуцца да разнастайнасці. Яны не спыняюцца на адных стылях ці жанрах.
— Для нас важная аўдыторыя, якая шануе беларускую мову і застаецца патрыётамі сваёй краіны незалежна ад узросту, адукацыі і месца працы. Пры гэтым многія могуць і не размаўляць па-беларуску ў звычайным побыце, але пры гэтым заставацца беларусамі. Поўныя залы на кожным з сеансаў — лепшая падтрымка, на якую толькі магла разлічваць ідэя сусветнага кіно па-беларуску. За гэты час мы падзялілі задавальненне ад прагляду з вялікай колькасцю людзей. І гэта не ўсё: наша мэта — даць такую магчымасць кожнаму жыхару краіны, — адзначыў стваральнік і кіраўнік праекта Андрусь Кім.


































